«Прэс-клуб Беларусь» | |
---|---|
Абрэвіятура | ПКБ |
Дэвіз | Прастора для прафесійнага росту медыясупольнасці |
Краіна | |
Адміністрацыйны цэнтр | Мінск |
Адрас | вул. Кісялёва, д. 12 |
Юрыдычны статус | установа |
Мэта | забеспячэнне свабоды слова |
Тып арганізацыі | культурна-асветніцкая |
Афіцыйныя мовы | беларуская |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 29 ліпеня 2011 (12 гадоў таму) |
Дата скасавання | 22 ліпеня 2021 (2 гады таму) |
Матчыная арганізацыя | Міжнароднае аб’яднанне прэс-клубаў (Польшча) |
Даччыныя арганізацыі | «Press Club Polska », Беларуская асацыяцыя журналістаў |
press-club.by |
«Press Club Belarus» («Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб») — культурна-асветніцкая ўстанова, галоўнай мэтай якой з’яўляецца развіццё медыясупольнасці, першапачаткова створаная ў Варшаве вядомымі беларускімі журналістамі[1].
Працуе на платформе і пры падтрымцы «Press Club Polska ». Паводле правіл сеткі міжнародных клубаў, ён можа існаваць толькі ў краінах, дзе існуе свабода слова[3]. З кастрычніка 2014 года рэгулярна праводзіць сустрэчы ў Мінску[4]. З’яўляецца месцам нефармальных сустрэчаў журналістаў з дыпламатамі, творцамі, а таксама іншымі асобамі[5].
Сярод заснавальнікаў клуба Юлія Слуцкая, Зміцер Новікаў, Аляксандр Старыкевіч, Алесь Ліпай, Аляксандр Уліцёнак, Аляксей Дзікавіцкі, Пётр Марцаў. Мэта праекта — дапамагчы беларускім журналістам і іншым медыям у працы для дэмакратызацыі Беларусі і свабоды слова ў СМІ[6]. Падчас Генеральнай асамблеі, якая адбылася ў Варшаве 3—5 чэрвеня 2013 года, «Press Club Belarus» быў прыняты ў Міжнародную асацыяцыю прэс-клубаў , дзе атрымаў статус назіральніка[7].
У канцы 2015 года культурна-асветніцкая ўстанова «Журналісцкая майстэрня Прэс-клуб» афіцыйна запрацавала ў Мінску. З лекцыямі і трэнінгамі там выступалі вядомыя журналісты, аналітыкі, даследчыкі медыя. «Press Club Belarus» таксама запусціў праекты: «MediaIQ» для фіксавання выканання беларускімі медыя журналісцкіх стандартаў і «LaunchME» як акселератар для тэхналагічных стартапаў у медыяіндустрыі. У 2020 годзе пачала працаваць «Акадэмія прэс-клуба» — нефармальная адукацыйная пляцоўка, дзе журналісты і медыяменеджары могуць атрымаць новыя веды і кампетэнцыі[1].
Напрыканцы 2020 года мінская сядзіба «Press Club Belarus» была абшукана, а шэраг актывістаў клуба былі затрыманы па абвінавачваннях у нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры: заснавальнік Юлія Слуцкая, праграмны дырэктар Ала Шарко, фінансавы дырэктар Сяргей Альшэўскі і аператар Пётр Слуцкі[8]. Па словах следчага, справа аб нясплаце падаткаў датычыцца «праекта грамадскага тэлебачання», якое быццам бы хацелі стварыць былыя журналісты дзяржаўных медыя. Юлія Слуцкая ўпэўнена, што прычынай затрымання і крымінальнай справы стала прафесійная дзейнасць[9]. 13 студзеня 2021 года сумеснай заявай адзінаццаці арганізацый (праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі ПЭН-цэнтр ды інш.) арыштаваныя супрацоўнікі «Press Club Belarus», а таксама Ксенія Луцкіна, экс-супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі, звязаная з медыяпраектам, былі прызнаны палітычнымі зняволенымі[10].
Нягледзячы на рэпрэсіі, «Press Club Belarus» прадоўжыў працу[11]. 22 ліпеня 2021 года ў ходзе пагрому грамадскіх арганізацый у Беларусі стала вядома, што Мінгарвыканкам ліквідаваў «Press Club Belarus»[12][13]. Камітэт абароны журналістаў засудзіў рэпрэсіі ў дачыненні да «Press Club Belarus»[13].
19 жніўня 2021 года Слуцкая і супрацоўнікі прэс-клуба выйшлі на волю паводле памілавання[14]. Для гэтага ім давялося прызнаць віну, сплаціць 200000 BYN і падпісаць прашэнне на імя Аляксандра Лукашэнкі. Палову сумы сплацілі родныя Слуцкай, прадаўшы нерухомасць, другая часта была сплачаная з рахунку «Press Club Belarus»[15]. Апошні памілаваў чатырох палітвязняў да суда[16]; Ксенія Луцкіна нічога не пісала і застаецца пад арыштам[15].
... усе "разгромленыя" СМІ ў цэлым перабудаваліся і працуюць як раней. Працуе TUT.BY, працуе "Еўрарадыё", працуе "Наша Ніва". Якасць кантэнту не змянілася ў цэлым, рэгулярнасць выхаду – таксама. "Разгромлены" Прэс-клуб праводзіць анлайн-канферэнцыю, дзе прадстаўнікі ўсіх вышэйпералічаных "разгромленых" медыя абмяркоўваюць тое, што адбываецца.