Tut.by | |
---|---|
URL | tut.by |
Камерцыйны | так |
Тып сайта | інтэрнэт-партал |
Мова(-ы) | руская |
Мова праграмавання | PHP |
Размяшчэнне сервера | |
Уладальнік | ООО «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» |
Аўтар | Юрый Анатольевіч Зісер |
Галоўны рэдактар | Марына Золатава |
Пачатак працы | 5 кастрычніка 2000 |
Канец працы | 8 ліпеня 2021 |
Бягучы статус | Не працуе[1] |
Рэйтынг Alexa | 1 261[2] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
TUT.BY — папулярнае беларускае анлайн-медыя, якое змяшчала спецыялізаваныя раздзелы і сэрвісы: ад прагноза надвор’я і афішы мерапрыемстваў да курса валют. Па дадзеных на 2019 год рэсурс ахопліваў[3] усіх інтэрнэт-карыстальнікаў Беларусі.
З 8 ліпеня 2021 года часова працуе ў выглядзе новай медыяплатформы — Zerkalo.io, якая з’яўляецца копіяй парталу[4].
Распрацоўка партала пачалася ў ліпені 2000 года, а ўжо 5 кастрычніка 2000 года ён адкрыўся для наведвальнікаў. Рэсурс уключаў навіны, бясплатную электронную пошту[5], прагноз надвор’я[6], курсы валют[7] і кошты на паліва. Назву TUT.BY прыдумаў паэт Мікола Раманоўскі, унук Кузьмы Чорнага.
У канцы 2000 года з’явіліся форумы і пачаўся продаж інтэрнэт-рэкламы. У чэрвені 2004 года адчыняецца сэрвіс «Афіша TUT.BY»[8]. У 2005 годзе з’явіўся раздзел «Фінансы TUT.BY»[9].
У 2008 годзе з’явілася ўласная сацыяльная сетка «Я тут!». У 2015 годзе яна спыніла працу[10] па тэхнічных прычынах.
У 2010 годзе на сайце з’яўляецца тэматычны раздзел «Спорт TUT.BY»[11]. І пачынае працаваць Галерэя TUT.BY[12], дзе праводзяцца выставы, творчыя сустрэчы і лекцыі. У сакавіку 2012 года — адчыняецца раздзел для жанчын «Лэдзі TUT.BY»[13].
У жніўні 2016 года TUT.BY запусціў англамоўны праект пра Беларусь на сусветную аўдыторыю — BelarusFeed[14].
У сакавіку 2018 года TUT.BY абагнаў па колькасці беларускай аўдыторыі такія буйныя пляцоўкі, як Яндэкс, Mail.ru і YouTube.
У студзені 2019 года Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь зарэгістравала TUT.BY у якасці сеткавага выдання.
У лютым 2019 года TUT.BY атрымаў «Сярэбраную кнопку»[15] ад платформы YouTube (узнагароду ў сувязі з тым, што відэаканал партала перасягнуў мяжу ў 100 тысяч падпісчыкаў).
У маі 2019 года быў зафіксаваны абсалютны рэкорд у гісторыі партала: навіны ўсіх паддаменаў TUT.BY сабралі 178 млн праглядаў[16] (вэб + apps, па дадзеных «Яндэкс. Метрыка»).
25 верасня 2020 года стала вядома, што па пазове Міністэрства інфармацыі партал хочуць пазбавіць рэгістрацыі ў якасці СМІ[17][18]. Пасяджэнне суда па іску прызначана на 8 кастрычніка 2020 года[17][18]. 1 кастрычніка 2020 года ў падтрымку сваёй іскавой заявы і за асвятленне парталам пратэстаў у Беларусі (2020) Міністэрствам інфармацыі была прыпынена рэгістрацыя TUT.BY у якасці СМІ на тры месяцы[19]. Сам рэсурс заявіў, што пакуль мае намер працягнуць працу[19]. Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» раскрытыкавала такую палітыку ў адносінах да медыя[20].
У кастрычніку 2020 года Беларуская асацыяцыя журналістаў і рэдакцыі шэрагу незалежных СМІ выступілі з сумеснай заявай з нагоды ціску на партал TUT.BY і абмежавання доступу да незалежных сайтаў[21][22]. У сумеснай заяве ЗША і яшчэ больш за пяцідзесяці краін і ЕС аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ад 26 кастрычніка 2020 года было сказана, што «нядаўнія захады адносна Tut.by, найбуйнейшага беларускага незалежнага СМІ, павінны спыніцца»[23][24]. Блогер Сяргей Ціханоўскі ў лісце да рэдакцыі «Брестской газеты» ў лістападзе 2020 года асудзіў рэпрэсіі ўладаў у адносінах да журналісцкай супольнасці, у прыватнасці тое, што TUT.BY «душаць»[25].
Журналістка Кацярына Барысевіч, якая напісала артыкул пра забітага Рамана Бандарэнку ў 2020 годзе, была арыштавана ў Мінску 19 лістапада 2020 года[26]. 2 сакавіка 2021 года была прыгавораная да шасці месяцаў пазбаўлення волі і штрафу ў 100 базавых велічынь[27].
"ТАА «Тут бай Медыя» ў 2019 годзе атрыманы статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). Пасля гэтага кампанія стала плаціць меншыя падаткі. Аднак паводле звестак Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Tut.by была атрыманая выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ. На падставе прадастаўленых ДФР звестак аб дапушчаных ТАА парушэннях Назіральнай радай ПВТ 18 мая 2021 года прынята рашэнне аб страце ТАА «Тут бай Медыя» права на падатковыя льготы. Органы фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю пачалі неадкладныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні. У дачыненні да службовых асоб Tut.by распачата крымінальная справа па нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у гэты ж дзень заявіла, што Tut.by распаўсюджваў інфармацыю ад фонда салідарнасці «Байсол», які не мае рэгістрацыі ў Беларусі (хоць зарэгістраваны за мяжой). Чыноўнікі палічылі, што гэтага дастаткова для блакіроўкі сайта. Ператрусы праходзяць у офісах і дома ў многіх журналістаў[28].
Па стане на 25 мая 2021 года па справе TUT.BY 12 чалавек былі змешчаны ў СІЗА (генеральная дырэктарка Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка Марына Золатава, рэдактарка Вольга Лойка, намесніца дырэктара Ірына Рыбалка, журналістка Алена Талкачова, галоўная бухгалтарка Анжэла Асад, намесніца галоўнай бухгалтаркі Марыя Новік, галоўная інжынерка Ала Лапатко, намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях Аляксандр Дайнека, менеджэр Андрэй Аўдзееў, дырэктар Hoster.by Сяргей Павалішаў, дырэктарка Rocket Data, TAM.BY Дар’я Данілава); тры чалавекі (юрыстка Кацярына Ткачэнка, былая юрыстка Ірына Касцючэнка, удава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская) знаходзіліся пад хатнім арыштам[29]. 25 мая 2021 года дзевяць арганізацый (Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтр і іншыя) выступілі з сумеснай заяваю і прызналі ўсіх 15 палітычнымі зняволенымі[29].
8 ліпеня 2021 года частка журналістаў TUT.BY, якая засталася на волі, прэзентавала часовы сайт Zerkalo.io[4]. Паводле рэдакцыі, ён скончыць сваё існаванне, калі TUT.BY зможа легальна аднавіць сваю працу ў Беларусі з усім архівам публікацый[4]. У той жа дзень доступ да сайту Zerkalo.io ў Беларусі быў заблакаваны[30].
13 жніўня суд Цэнтральнага раёна Мінска на падставе пазовы МУС Беларусі прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы партала і яго сацыяльных сетак, а таксама «Zerkalo.io»[31][32][33].
14 чэрвеня 2022 года Эканамічны суд горада Мінска прызнаў «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» «экстрэмісцкай арганізацыяй»[34].
17 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе быў абвешчаны прысуд: былую гендырэктарку Людмілу Чэкіну і галоўную рэдактарку партала Марыну Золатаву асудзілі на 12 гадоў калоніі агульнага рэжыма[35].
У чэрвені 2023 г. МУС Беларусі аб'явіла «Люстэрка», уключаючы яго сайт, сацыяльныя сеткі і лагатып, экстрэмісцкім фарміраваннем[36]. За стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім беларускія законы прадугледжваюць крымінальную адказнасць[37].
У студзені 2002 года з’явілася камерцыйная служба TUT.BY. Яе мэта — аказанне платных і бясплатных паслуг для беларускіх арганізацый: распрацоўка і прасоўванне сайтаў, кансалтынг, хостынг і г.д. Камерцыйная служба забяспечвае прыбытковую частку TUT.BY.
На 2021 год асноўным уладальнікам «Тут Бай Медыя» з’яўлялася Яўгенія Чарняўская, дачка Юрыя Зісера і Юліі Чарняўскай[39].
5-6 кастрычніка 2006 года TUT.BY правёў першую канферэнцыю «Дзелавы Інтэрнэт Архівавана 24 студзеня 2022.».
У чэрвені на партале адкрылася летняя школа журналістыкі Архівавана 10 чэрвеня 2019. для падлеткаў ад 14 да 20 гадоў.
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што TUT.by быў не проста СМІ, нейкім медыйным рэсурсам, гэта быў феномен у жыцці Беларусі, унікальны прыклад паспяховага бізнес-праекту ў медыйнай сферы ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму.
... усе "разгромленыя" СМІ ў цэлым перабудаваліся і працуюць як раней. Працуе TUT.BY, працуе "Еўрарадыё", працуе "Наша Ніва". Якасць кантэнту не змянілася ў цэлым, рэгулярнасць выхаду – таксама.